КАЛУМБІ́ЙСКАЕ ПЛАТО́ (Columbia Plateau),

лававае плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПнЗ ЗША. Размешчана паміж Скалістымі і Каскаднымі гарамі. Пл. каля 500 тыс. км². Выш. 700—1000 м. Складзена з крышт. і асадкавых парод палеазою і мезазою, перакрытых вулканічнымі базальтамі неагену. Паверхня плоская або хвалістая, укрыта лёсамі, на Пн марэнай, зрэзана каньёнамі рэк Калумбія (да глыб. 900 м), Снейк (да 1500 м) і інш.; ёсць і сухія каньёны, утвораныя ў антрапагенавы час (найб. Гранд-Кулі). На рэках шмат вадаспадаў, парогаў. ГЭС. Большая ч. плато ўкрыта дзярніста-злакавым стэпам, значная ч. тэрыторыі разарана пад збожжавыя культуры.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)